КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс. км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн. м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.Кромвела, названа яго імем.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)